Дэкада беларускай мовы, літаратуры, культуры і мастацтва

Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная наша мова. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй патрэбнае слова і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёр і лясоў.

Каб  выклікаць цікавасць вучняў да вывучэння беларускай мовы і  літаратуры, раскрыць індывідуальныя і творчыя здольнасці, пазнавальныя інтарэсы кожнага гімназіста, стварыць умовы для інтэлектуальнага і эмацыянальнага самавыражэння асобы школьніка, у ДУА “Гімназія №1 г. Слоніма” з 20 па 28 лютага 2017 года традыцыйна прайшла дэкада  беларускай мовы,  літаратуры, культуры і мастацтва.


20.02.2017

Дэкада беларускай мовы, літаратуры, культуры і мастацтва ў гімназіі пачалася з акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску: маё любімае беларускае слова”, дзе ўсе жадаючыя маглі напісаць на рознакаляровых папяровых кветках дарагія для іх словы на роднай мове. Акцыя выклікала сапраўдны інтарэс сярод гімназістаў 5-11 класаў, падтрымалі іх і настаўнікі.

Паводле праведзеных падлікаў, самае любімае беларускае слова вучняў, настаўнікаў гімназіі – матуля. Таксама ўдзельнікі акцыі многа разоў назвалі такія словы, як  калі ласка, кветка, сонейка, бульба, мова.  

 У гэты святочны для гімназістаў і настаўнікаў дзень у фае школы гучала вясёлая беларуская музыка. На перапынках для вучняў 4-5 класаў дэманстраваліся мультыплікацыйныя фільмы на беларускай мове.


21 лютага

 Ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Беларусь-краіна двухмоўная, але не сакрэт, што беларускую мову штодзённа ўжываюць значна радзей. Дзеля яе папулярызацыі,  у межах Міжнароднага дня беларускай мовы, у гімназіі прайшла акцыя “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”, у якой прынялі ўдзел і навучэнцы, і настаўнікі. Удзельнікі акцыі мелі магчымасць паказаць сваё валоданне роднай мовай, а таксама выказалі меркаванне аб неабходнасці захавання беларускай мовы, бо калі страцім мову – страцім душу, здрадзім роду і самім сабе.

З самага ранку ў гімназіі адчуваўся  святочны настрой. На перапынках гучалі песні беларускіх выканаўцаў, вучні 5-6 класаў чыталі разам вершы беларускіх паэтаў.

У рамках гэтай акцыі  інфармацыйнай групай “САВА”для вучняў 5- 11 класаў была праведзена моўная хвілінка “21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы”.

Шаркотай В.М. у школьнай бібліятэцы была арганізавана выстава твораў класікаў, падрыхтаваны стэнд з выказваннямі вядомых беларусаў аб роднай мове.


22.02.2017

Трэці дзень дэкады запомніўся ўсім. Кожны вучань у сваім сэрцы пакінуў думку, што трэба любіць і шанаваць сваю родную мову. Менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага слова.

У бібліятэцы ДУА “Гімназія №1 г. Слоніма” ў рамках дэкады беларускай мовы і літаратуры адбылося свята-гульня “Пагаворым па-беларуску”. У гульні ўдзельнічалі вучні 7 –х класаў. Кожная каманда напачатку агучыла сваю назву і абараніла яе. Далей рабятам былі прапанаваны 6 раўндаў з наступнымі заданнямі:

—         медыяазбука (на кожны малюнак назваць слова па-беларуску);

—         напісаць працяг прыказкі;

—         патлумачыць фразеалагізм;

—         патлумачыць лексічнае значэнне слова;

—         пазнаць беларускую песню, назваць выканаўцу;

—         сабраць са слоў выказванні славутых беларусаў.

Падчас гульні вучні 10 класаў дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў. На фоне іх чытання дэманстраваліся слайды з краявідамі беларускай зямлі.

Не абышлі сваёй увагай вучні 10 класаў і балельшчыкаў каманд. Ім таксама (пакуль працавалі каманды) былі прапанаваны цікавыя заданні.

Свята было распрацавана да Міжнароднага дня роднай мовы.

З нагоды гэтага свята ў гімназіі прайшоў “Фестываль беларускай песні”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні 5-6, 9 класаў. На працягу некалькіх перапынкаў гучалі песні на вершы беларускіх класікаў і сучасных аўтараў. Асаблівае ўражанне пакінулі вучні 6 класаў.  


23.02.2017

У актавай зале ДУА “Гімназія №1 г. Слоніма” адбылася сустрэча з сучаснымі беларускімі паэтамі. На гэты раз (такія сустрэчы сталі ўжо традыцыйнымі) гасцямі былі Яўгеній Барышнікаў, паэт, бард, Віталь Рыжкоў, аўтар зборніка “Дзверы, замкнёныя на ключы”, Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, Дар’я Бялькевіч, выпускніца гімназіі. Госці чыталі вершы, выконвалі песні, расказвалі пра свае кнігі. Амаль дзве гадзіны, якія праляцелі як адно імгненне, у зале панавала атмасфера творчага ўзаемаразумення гаспадароў і гасцей. Кожная сустрэча з цікавымі людзьмі – гэта адкрыццё. І на гэты раз у гімназістаў была магчымасць адкрыць для сябе цікавыя паэтычныя старонкі.


25.02.2017

Пад  дэвізам “Масленіца, масленіца – бліном паласавіцца”  прайшло свята “Масленічныя забавы”.  Гэта свята ў народным календары займае асобнае месца. Нашы продкі ўспрымалі яго як пачатак новага жыцця і ўшаноўвалі сонца, што абуджае ўсё жывое. Масленіца — традыцыйнае свята нашага народа, неад’емная частка яго культуры. Святкаванне Масленіцы з’яўляецца традыцыяй і ў нашай  гімназіі.

У падрыхтоўцы гэтага свята прымалі ўдзел вучні 5-11 класаў. Свята прайшло ў атмасферы радасці. Рабяты мелі магчымасць далучыцца да вытокаў мінулага, векапомных традыцый свайго народа. Па старой славянскай традыцыі былі святочна ўпрыгожаныя сталы, на якіх галоўны пачастунак — бліны.

Вядучыя, вучаніцы 8 “Б” класа, Нагай Дар’я і Спарнюк Ксенія пазнаёмілі гімназістаў з абрадам правядзення Масленіцы. Затым вучні пелі прыпеўкі, паказвалі інсцэніроўкі, танцавалі, спявалі. Гасцям былі прапанаваны бліны з варэннем, з медам, пірагі, духмяны чай, і самае галоўнае — вясёлы настрой.
Гімназісты  былі ўдзельнікамі міні-конкурсаў: “Вясёлы мячык”, “Запляці касу”, “Спляці венік”, “Вясёлы карагод” і іншыя. У некаторых з іх ад жадаючых не было адбою, прымалі ўдзел нават і настаўнікі.

Уражанне аб гэтым свяце нікога не пакінула раўнадушным. Дзякуючы гэтаму святу, вучні нашай школы па-іншаму вучацца глядзець на народныя традыцыі і абрады нашай краіны.


27.02.2017

 У актавай зале гімназіі прайшло мерапрыемства пад назвай “Падарожжа ў краіну казак”. Арганізавалі яго настаўнікі і вучні 5-6 класаў, якія на  адну гадзіну ператварыліся ў добрых казачнікаў, казачных герояў.

Ні дзеці, ні дарослыя ні на хвіліну не пашкадавалі, што гэты час правялі разам з казачнымі героямі, а мэты, пастаўленыя настаўнікамі 5-6 класаў, былі дасягнуты.

 Дэкада беларускай мовы, літаратуры, мастацтва і культуры ў ДУА “Гімназія №1г. Слоніма” прайшла цікава і займальна, але вучні яшчэ доўга паміж сабой штосьці абмяркоўвалі, шукалі адказы на заданні, якія не ўдалося выканаць падчас правядзення мерапрыемстваў. І мы перакананы, што такія мерапрыемствы будуць праводзіцца не толькі таму, што яны павучальныя, змястоўныя, цікавыя, а яшчэ і таму, што прывіваюць любоў да роднай мовы. І хочацца верыць, што тыя вучні, якія душой дакрануліся да твораў беларускіх пісьменнікаў, будуць імкнуцца, каб роднае слова гучала ў вяках.


 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *