Дэкада беларускай мовы, літаратуры, мастацтва і культуры

з 19.02.2016 па 29.02.2016

ПЛАН правядзення дэкады беларускай мовы, літаратуры, мастацтва і культуры 


19.02.2016

Дэкада беларускай мовы, літаратуры, культуры і мастацтва ў гімназіі пачалася незвычайна: мерны ход падзей парушылі  дзве пяцікласніцы – дзяўчынкі нечакана сталі спяваць усімі любімую «Купалінку». Затым да іх далучыліся гімназісты. Але самы сапраўдны эфект нечаканасці выклікала выкананне народнай песні вучаніцамі 11 класа. Завяршыўся флэшмоб  гучнымі апладысментамі.


20.02.2016

Другі дзень прадметнай дэкады распачаўся квэст-гульнёй. Што гэта такое? Гэта новая забава для вучняў, якая раней існавала толькі ў віртуальным свеце, а зараз яе актыўна пачалі пераносіць у рэальнасць настаўнікі гімназіі.

Сэнс гульні заключаўся ў выкананні розных заданняў ці, як гэта называюць, “квэстэры” – місій. Кожная з місій складалася з дзвюх асноўных частак: загадкі і дзеяння. У шыфроўцы, якую ігракі атрымалі у пачатку гульні, даваліся каардынаты месца ў гімназіі, якое неабходна было знайсці, дабрацца да яго і там выканаць заданне.

Прынялі ўдзел ў квэст-гульні чатыры каманды, у склад якіх увайшлі вучні 7-8 класаў. Кожная каманда прайшла праз восем выпрабаванняў. Усе місіі трэба было выконваць якасна і хутка.

Асаблівую цікавасць у вучняў выклікалі пытанні: “Цікавыя загадкі”, “Хто або што гэта?”, “Самае-самае…”, “Культурная спадчына”, “У свеце народных традыцый”. Гімназісты яшчэ раз пераканаліся, наколькі багатая, мілагучная, мудрая і самабытная беларуская мова.

Закончылася гульня ўзнагароджваннем каманды 8 “А” класа, што перамагла, і ўручэннем грамат лепшым знаўцам беларускай мовы. 

 


22.02.2016

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Беларусь-краіна двухмоўная, але не сакрэт, што беларускую мову штодзённа ўжываюць значна радзей. Дзеля яе папулярызацыі,  у межах Міжнароднага дня беларускай мовы, у гімназіі прайшла акцыя “Гаворым па-беларуску”, у якой прынялі ўдзел і навучэнцы, і настаўнікі. Удзельнікі акцыі мелі магчымасць паказаць сваё валоданне роднай мовай, а таксама выказалі меркаванне аб неабходнасці захавання беларускай мовы, бо калі страцім мову – страцім душу, здрадзім роду і самім сабе. Ужо з раніцы школу ўпрыгожвалі выказванні на тэму “Вобразная, вольная, пявучая…”, падрыхтаваныя вучнямі 11-х класаў.

У рамках гэтай акцыі  інфармацыйнай групай “САВА”для вучняў 5- 11 класаў была праведена моўная хвілінка “21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы”.

Шаркотай В.М. у школьнай бібліятэцы была арганізавана выстава твораў класікаў, падрыхтаваны стэнд з выказваннямі вядомых беларусаў аб роднай мове.

Падчас гэтай акцыі актыўна прайшла выстава малюнкаў па прачытаных творах. Была сабрана вялікая колькасць работ  вучняў розных класаў.

 


23.02.2016

З самага ранку ў школе адчуваўся  святочны настрой – усе вучні рыхтаваліся да конкурса патрыятычнай песні. На кожным перапынку вучні 5-9 класаў спявалі песні аб Беларусі на беларускай і рускай мовах. Радкі песень радавалі сваёй мілагучнасцю і прыгажосцю.

Гэты дзень запомнілася ўсім. Кожны вучань у сваім сэрцы пакінуў думку, што трэба любіць і шанаваць сваю родную мову. Менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага слова.

 


24.02.2016

Ніхто не просіць беларусаў забывацца пра свае інтарэсы і звычкі, але ў тым, каб дзяліцца, прычым і культурнымі здабыткамі, і кулінарнымі традыцыямі, няма нічога дрэннага, гэта «не балюча». Але каб было чым дзяліцца, карысна спачатку дасканала спазнаць сваю культуру і традыцыі. А калі гэты «працэс» адбудзецца праз ежу, то ён будзе яшчэ і «смачным»!..

І гэты “працэс” адбыўся. 24 лютага ў гімназіі прайшла ярмарка беларускіх народных страў “Бульбашы”. Да ярмаркі рыхтаваўся кожны вучань. Тут былі выстаўлены самыя розныя прысмакі, прыгатаваныя сваімі рукамі. Каб набыць іх, выстройваліся чэргі і хутка пусцелі сталы, а задаволеныя пакупнікі ласаваліся прысмакамі. 

Цудоўна прайшла ў гімназіі акцыя “Далучы сваю далонь”. Вынікам акцыі быў заклік да ўсіх: “Калі ты за тое, што кожны беларус павінен ведаць сваю родную мову – далучы сваю далоньку да нашых, падтрымай беларускую мову!” На плакаце з’явілася вельмі шмат далоняў. Маленькія і вялікія далоні накладваліся адна на адну, іх нават цяжка было падлічыць.

Пасля заняткаў  адбылося пасяджэнне  літаратурнай гасцёўні “Песняры беларускай зямлі”, на якой беларускі паэт, гісторык, крытык, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Сяргей Чыгрын прэзентаваў сваю кнігу пра Слонім “125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны”. Разам з ім на сустрэчу быў запрошаны яго даўнішні сябар, паэт-бард, журналіст Зміцер Бартосік. Дарэчы, трэба адзначыць, што Зміцер Бартосік па нацыянальнасці рускі, нарадзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе, але, палюбіўшы беларускае слова, пачаў гаварыць, пісаць і выконваць свае песні па-беларуску. У яго выкананні прагучалі не толькі ўласныя песні, але і песні Булата Акуджавы і іншых. Сустрэча выклікала непадробную цікавасць у старшакласнікаў.


25.02.2016

У гімназіі было праведзена апытванне «Мае любімыя беларускія словы”. Настаўнікі прапанавалі вучням напісаць любімыя беларускія словы на ватмане. Як высветлілася, любімае беларускае слова ў нашай гімназіі – каханне!

 


26.02.2016

Праведзена гульня-конкурс  “ФЭСТ” (фальклор, этнаграфія, спадчына, традыцыі). Праводзілі гэты конкурс вучні 9 “Б” класа для вучняў 7 класаў.  Камандам класаў былі прапанаваны цікавыя заданні, якія яны выбіралі ў сектарах “Фальклор”, “Этнаграфія”, “Спадчына”, “Традыцыі”. Для капітанаў каманд праводзіўся бліц-конкурс. Паміж конкурсамі гучалі беларускія песні, якія надавалі мерапрыемству пэўную святочную атмасферу. Камандзе-пераможцы быў уручаны салодкі прыз.


27.02.2016

З самых малых год казка iдзе i жыве побач з намi. Яна захапляе нас святлом незвычайнага, неверагоднага, фантастычнага. У казках дабро заўсёды перамагае зло, мудрыя, мужныя, знаходлiвыя людзi перамагаюць несумленных, нядобрых, лiхiх. Казкi сеюць зерне мудрасцi. На жаль, беларускiя казкi дзецi ведаюць горш, чым замежныя.  Зразумела, яны  не такія яскравыя, як, напрыклад, сёняшнія мульцікі, але яны насычаны глыбокай народнай мудрасцю, нязломнай і светлай верай у чалавека, у яго сілы і магчымасці, маральнай чысцінёй, непараўнаным гумарам і вострай сатырай. Можа, яны не такія прасунутыя ў маркетынгавых вокладках, як мікі-маўсы, але яны шчырэйшыя, мудрэйшыя. Беларускiя казкi – гэта наша спадчына, якую мы павiнны ведаць i шанаваць.

Раней у кожнай вёсцы было два-тры чалавекі, да якіх прыходзілі дзеці і прасілі расказаць ім казку. І такія людзі павінны быць і зараз: тады нам будзе зразумела, хто мы, беларусы, дзе мы жорсткія, дзе хцівыя, дзе хітрыя, дзе мы героі.

 Менавiта гэтай тэме і было прысвечана мерапрыемства пад назвай “Чароўны куфэрак”, якое прайшло ў нашай гімназіі 27 лютага. Арганізавалі яго настаўнікі і вучні 5-6 класаў, якія на  адну гадзіну ператварыліся ў добрых казачнікаў, казачных герояў. Падчас мерапрыемства дзеці не толькі расказвалі і слухалі беларускія казкі, вершы, але і адгадвалі загадкi, працягвалі прыказкі ад бабкі Агапкі.

Ні дзеці, ні бацькі ні на хвіліну не пашкадавалі, што гэтую гадзіну правялі разам з казачнымі героямі, а мэты, пастаўленыя настаўнікамі 5-6 класаў, былі дасягнуты.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *